ТАТА́ЛЬНАЕ МАСТА́ЦТВА,

тэрмін авангардысцкай эстэтыкі 1960-х г., які абазначае імкненне да ўсёабдымнасці мастацтва, да знішчэння межаў не толькі паміж асобнымі відамі маст. творчасці, але і паміж мастацтвам і рэчаіснасцю. Тагачасныя авангардысцкія кірункі імкнуліся да «растварэння» мастацтва ў асяроддзі, да зліцця яго з працэсамі жыцця, што найб. яскрава выявілася ў такіх формах, як хэпенінг, перформанс, мульты-медыя, інвайрэнмент, лэнд-арт. Гранічным выяўленнем прынцыпаў Т.м. з’яўляецца сцвярджэнне, што любы фрагмент рэальнасці і ўвесь свет — творы мастацтва.

С.​У.​Пешын.

т. 15, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)